Нацыянальны Полацкі музей-запаведнік прыняў удзел у другім Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі»

26-27 верасня 2014 года ў горадзе Гомель прайшоў другі Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» «Музей і грамадства: ад камунікацыі да ўзаемадзеяння». Форум арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь з мэтай падтрымкі музейнай справы ў рэспубліцы, стымулявання творчых ініцыятыў і заахвочвання музейных работнікаў, якія ўнеслі ўклад у вывучэнне, захаванне і папулярызацыю культурных каштоўнасцей.

У рамках форуму праводзіліся: прэзентацыя экспазіцыі форуму; конкурс “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю”; дыскусіі, лекцыі і трэнінгі па актуальных пытаннях музейнай справы; прэзентацыі музеяў, экспазіцыйных, культурна-адукацыйных і асветніцкіх праектаў; прэзентацыі кампаній, якія працуюць у сферы музейных індустрый; прэзентацыі партнёраў форуму. У рабоце форуму прынялі ўдзел каля 100 музеяў краіны, спецыялісты з Расіі, Украіны, Славакіі, Германіі, а таксама фірмы-вытворцы музейнага абсталявання.

У павільёне Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка былі прадстаўлены матэрыялы, якія маглі расказаць аб дзейнасці 11 музеяў, што ўваходзяць у склад запаведніка, а таксама аб самай значнай падзеі ў запаведніку за апошні час – адкрыцці стацыянарнай выставы “Сценапіс XII-XIX стст. Спаса-Праабражэнскага храма”.

У конкурсе “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю” Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік прымаў удзел у намінацыі «Лепшы музей па арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці». І стаў у ёй пераможцам за рэалізацыю доўгатэрміновага музейна-адукацыйнага праекта “Полацк музейны” і доўгатэрміновага карэкцыйна-развіваючага праекта для дзяцей дашкольнага ўзросту з агульным недаразвіццём маўлення 3-га ўзроўню маўленчага развіцця.

978